Галоўная |Гісторыя

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
«Літаратура і Мастацтва»


      Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда"» створана ў 2012 годзе шляхам далучэння да Установы “Рэдакцыя газеты “Звязда” РВУ “Літаратура і Мастацтва”, у склад якой уваходзілі літаратурна-мастацкія і грамадска-палітычныя часопісы «Полымя», «Маладосць» (з дадаткам «Бярозка»), «Нёман», «Вожык», газета «Літаратура і мастацтва".
      Часопіс «Полымя» выдаецца з 1922 года. З 1932 па 1941 – пад назвай “Полымя рэвалюцыі”. У гады Вялікай Айчыннай вайны часопіс не выходзіў. Адноўлены ў студзені 1945 года. Першыя дзесяць гадоў часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у яе ўваходзілі Ц. Гартны, З. Бядуля, У. Ігнатоўскі, В. Нодэль. Першы рэдактар выдання П. Галавач (1932 -- 1933).
      Часопіс “Нёман” выдаецца з 1945 года. Спачатку як альманах “Отчизна», у 1947 годзе перайменаваны ў “Советскую Отчизну». З 1956 года – часопіс «Советская Отчизна», з 1960 года – часопіс “Неман”, 1988 года – часопіс «Нёман». Першы галоўны рэдактар выдання Іван Шамякін (1952 – 1953). Да яго кіраўнічыя функцыі на сябе брала рэдкалегія, у склад якой уваходзілі К. Крапіва, М. Клімковіч (ён жа – рэдактар), М. Горцаў, В. Самуцін, Я. Садоўскі.
      Часопіс “Маладосць” выдаецца з 1953 года. Першы галоўны рэдактар Аляксей Кулакоўскі (1953 – 1958).
      Часопіс “Вожык” выдаецца з 1941 года. Спачатку – як сатырычны плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». Са жніўня 1945 ператвораны ў часопіс з сучаснай назвай. Першы галоўны рэдактар выдання Міхась Чавускі (1941 – 1943).
      Газета “Літаратура і мастацтва” выдаецца з 1932 года. У 1957 – 1970 гадах выходзіла двойчы на тыдзець. У астатнія гады – раз на тыдзень. У гады Вялікай Айчыннай вайны не выходзіла. Выданне адноўлена ў красавіку 1945 года. Першы галоўны рэдактар Хацкель Дунец (1932 – 1935).
      Кніжны профіль РВУ «Выдавецкі дом “Звязда” досыць шырокі: мастацкая, краязнаўчая, біяграфічная, вучэбная літаратура, кнігі для дзяцей і падлеткаў. Добра зарэкамендавалі сябе серыі "Пераходны ўзрост", "Лімаўскі фальварак", "Святло мінуўшчыны", «Созвучие сердец». У год выдаецца каля 100 кніг на беларускай і рускай мовах.
       Сувязь з чытачом ажыццяўляецца ў асноўным праз бібліятэкі краіны і сетку кніжных магазінаў па ўсёй рэспубліцы. Выдавецтва працуе на прынцыпах поўнай самаакупнасці сваёй прадукцыі. Айчынная і замежная літаратура выдаецца з абавязковым заключэннем дамоў, з захаваннем аўтарскіх праў. Публікуючы перакладныя творы з розных моў, выдавецтва спрыяе развіццю ў краіне добрай перакладчыцкай школы.